Павел Севярынец прэзентаваў “Беларускую глыбіню” ў Варшаве



Павел Севярынец прэзентаваў сваю новую кнігу “Беларускую глыбіню” ў Беларускім Доме ў Варшаве. Кніга была напісана ў няволі, у час адбывання так званай “хіміі”. Беларуская глыбіня – сур’ёзная, а Беларусь – недаацэненая краіна, адзначыў аўтар.

Радыё Рацыя: Спадар Павел, якая яна – беларуская глыбіня, і што можа чытач для сябе адкрыць у Вашай новай кнізе?

Павел Севярынец: Беларуская глыбіня – сур’ёзная. Беларуская глыбінка, да якой мы прывыклі ставіцца трошкі грэбліва, насамрэч, гэта глыбіня. Гэта глыбіня беларускіх душаў, гэта глыбіня беларускага менталітэту, гэта глыбіня той прорвы, у якой Беларусь апынулуся за апошнія стагоддзі, дзесяцігоддзі і гады. Але, калі глядзець глыбока, то ўсё-такі ўбачым – чым глыбей, тым болей унутранага святла, вобразу і падабенства Божага, які можа быць прывалены нейкімі наслаеннямі, пахаваны бедамі, здрадамі, але ў рэшце рэшт, вось гэтае святло, гэты вобраз і падабенства Божае прабіваецца ў кожным беларусе. Таму, калі глядзець беларускую глыбіню можа закружыцца галава, але напрыканцы мы там убачым святло Божае.

Бог дае вочы, каб паглядзець на тое ці іншае, адкрывае штосьці. Я лічу, што сама Беларусь, калі да яе прыгледзіцца, гэта неверагодны цуд. Мы не зможам знайсці такога ані на Захадзе, ані на Ўсходзе, ані ў далёкіх краях. Беларусь – гэта сапраўды вельмі недаацэненая краіна, якую трэба разгледзець, трэба проста паглядзець у беларускую глыбіню. І ў нейкі момант нам стане выразна ясна бачна, што гэта краіна геніяў і святых, гэта краіна найвялікшае пакуты, гэта краіна крыжу, і сцягу Хрыста. Гэта сэрца Еўропы.

РР: Сваю ранейшую кніжку “Лісты з лесу” Вы напісалі ва ўмовах адбывання “хіміі” падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 г., гэтую кніжку Вы таксама напісалі, знаходзячыся на прымусовых працах. Як Вам удаецца ў такіх варунках пісаць кнігі?

Павел Севярынец: Насамрэч, сёння час у нас значна лепшы, чым быў у нашых папярэднікаў. 70-80 гадоў таму за тое, што мы робім зараз проста адным стрэлам у патыліцу спынялі жыццё. А зараз гэта “хімія”, зараз гэта лягчэй. Таму, дзякуй Богу, ёсць магчымасць і пісаць, і даваць інтэрв’ю, ёсць магчымасць дзейнічаць. Слава Богу, значыцца трэба дзейнічаць яшчэ мацней, чым гэта рабілі нашыя папярэднікі.

Тут справа ў веры – у турме і ў зняволенні ўвогуле чалавек бліжэй да самога сябе і бліжэй да Бога.  І пішацца там, як гэта не парадаксальна, лепш, чым на волі.

РР: Вы правялі працяглы адрэзак часу ў беларускіх турмах. Тыя людзі, якія сядзяць у беларускіх турмах, ці гэта сапраўды злачынцы, ці павінны яны там знаходзіцца?

Павел Севярынец: Што тычыць “хіміі”, напрыклад, можна правесці аблаву ў сярэднім мікрараёне любога беларускага горада, затрымаць людзей ад 18 да 35 гадоў, і гэта будзе зрэз таго грамадства, якое я ўбачыў у камендатуры №7. То бок, гэта маладыя людзі. Кагосьці ўзялі за п’янку, кагосьці за хуліганку, кагосьці за парушэнне правілаў дарожнага руху, кагосьці забралі ў нецвярозым стане… То бок, усё тое, што зараз робіць беларуская моладзь спрэс і побач. Па вялікім рахунку, калі так, то трэба саджаць у турму ўсю краіну.

У турмах агромністая колькасць так званых “эканамічных злачынцаў”, якія пайшлі на гэтыя злачынствы, таму што дзяржава стварыла сістэму, у якой інакш, як скраўшы, падмануўшы, сфальсіфікаваўшы справаздачнасць практычна ня выжывеш. Таму насамрэч, тое, што бачна ў беларускіх турмах, гэта адваротны бок медаля сённяшняй стабільнасці, сённяшняй так званай “сацыяльнай дзяржавы”.

РР: Якім чынам мы можам выправіць гэта становішча? Ці ёсць хтосьці, хто можа павесці за сабою і вызваліць Беларусь? Ці гэта нейкі лідар апазіцыі, ці нейкая асоба з народу?

Павел Севярынец: Насамрэч, пасля таго як беларуская апазіцыя не змагла вылучыць адзінага ў кампаніі 2015 года, выпрацаваць адзіную стратэгію, падпісалася ва ўласнай безадказнасці, спадзявацца беларускаму народу засталося толькі на Госпада Бога і на самога сябе. Іншымі словамі вывядзе Беларусь Хрыстос. А які спосаб абраць беларускаму народу каб за Богам ісці да свабоды, да праўды, да справядлівасці – то гэта самаарганізацыя. Гэта самаарганізацыя ў невялікія супольнасці, якія могуць ажыццяўляць крэатыўныя, лятучыя акцыі, якія змогуць праводзіць партызанскае інфармаванне, якія змогуць дзейнічаць так, як падчас маўклівых акцыяў.

Кніга Паўла Севярынца складаецца з 84 эсэ, у якіх аўтар апісвае беларускія з’явы.  У час прэзентацыі аўтар таксама зазначыў, што беларускаму грамадству проста неабходна маральнае адраджэнне, і грамадства само знутры павінна быць падрыхтаванае да зменаў.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава