«Перакрэслі беззаконне» – акцыя ў Беластоку (абноўлена)
Мітынг скончаны. Удзельнікі разыходзяцца без мажлівасці прагаласаваць 27 лютага ў Генеральным консульстве Беларусі ў Беластоку. Да мітынгоўцаў так ніхто з дыпламатычнага прадстаўніцтва не выйшаў.


***
Сімвал акцыі – украінская пчала, якая добра спраўляецца з „вусенямі”- ваеннай пагрозай Расеі.

***
Падчас акцыі збіраюцца подпісы супраць сустрэчы прадстаўніка Швейцарыі з Лукашэнкам, уручэння даверчых лістоў і фактычна прызнання Швейцарыяй рэжыму ў Беларусі.

***
Пачаўся стыхійны мітынг, працуе свабодны мікрафон. Агулам сабралася каля 50 чалавек.

Удзельнікі выказваюць абурэнне з нагоды пазбаўлення беларусаў права выбару. Гучаць асноўныя патрабаванні мітынгоўцаў.

„Лукашэнка – тэрарыст, які захапіў уладу. У лагерах і турмах выбары не праводзяцца”, – кажуць пратэстоўцы. Гучаць заклікі выпусціць усіх палітвязняў.

***
Ля Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку беларуская дыяспара распачала акцыю пад назвай «Перакрэслі беззаконне».

Удзельнікі сабраліся, каб выказацца супраць правядзення рэферэндуму ў Беларусі аб змене канстытуцыі, запланаванага на 27 лютага 2022 года.
Абурэнне выклікае не толькі сам факт правядзення „выбараў” ва ўмовах глыбокага палітычнага крызісу. Вядома, што ў Беларусі здарыўся беспрэцэдэнтны выпадак, калі прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз заявіў 2 лютага, што ў беларускіх пасольствах не будзе выбарчых участкаў падчас рэферэндуму ў Беларусі. Беларусам, якія пражываюць за мяжой, прапанавана прыняць удзел у рэферэндуме толькі шляхам наўпроставага вяртання ў Беларусь. Пры гэтым у дачыненні да многіх з іх узбуджаны крымінальныя справы за ўдзел у мерапрыемствах пасля выбараў 2020 года.
„Фактычна такім рашэннем лукашэнкаўскі рэжым пазбавіў беларусаў замежжа свайго законнага выбарчага права. МЗС апраўдваецца: „Эпідэмія каронавірусу, не хапае супрацоўнікаў і аховы, а ў некаторых пасольствах на ўліку занадта мала людзей”… 30 гадоў гэта не перашкаджала, а тут раптам стала падставай, каб у чарговы раз парушыць Канстытуцыю, і пры гэтым яшчэ яе і памяняць на невядома што”, – абураюцца прысутныя беларусы.
У знак супраціву да любога галасавання ў Беларусі праходзіць перформанс: двое юнакоў на расцяжцы, пазначаныя так, як гэта робіцца ў сённяшніх турмах для пазнакі „палітычных” і трэці – які трымае табліцу з пазнакай „Барацьба?”














Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
[manual_related_posts]