Першая спроба Радаслава Дамброўскага зрабіць мастацкае кіно



Тэму вонкавай і ўнутранай свабоды чалавека падымае ў сваім новым фільме пад назвай “Wolka” журналіст і рэжысёр, наш рэдакцыйны калега Радаслаў Дамброўскі.

587f

Хлопец выходзіць з турмы, сядае ў цягнік, сустракае розных людзей і разумее, што чалавек можа быць заўсёды вольным унутры сябе. Гэта першая спроба аўтара зрабіць кароткае мастацкае кіно, якая стала магчымай дзякуючы стыпендыі прэзідэнта Беластока для маладых творцаў. Як кажа рэжысёр, у працы ён абапіраўся на рэальныя гісторыі вязняў:

– Тое, пра што думае герой фільма, абапіраецца на сапраўдных гісторыях. Яны амаль сапраўдныя, я іх толькі складаў з некалькіх, адрэдагаваў іх. Дзея адбываецца ў цягніку. Я так прыдумаў, каб герой мог задумацца пра тое, што было, і што цяпер яго чакае на гэтым свеце на свабодзе.

Радэк Дамброўскі расказаў, што яго дзяцінства прайшло блізу будынка беластоцкай турмы, а яго бацька працаваў у турме ахоўнікам. Таму тэма”турмы” была знаёмай, праўда, толькі з пункту гледжання ахоўнікаў. Пазней і падчас працы над фільмам прыйшло разуменне, што трэба даць шанец і людзям з іншага боку, якія зрабілі памылкі ў жыцці, але трэба даць ім шанец іх выправіць, даць ім магчымасць выказацца і спрабаваць жыць нармальным жыццём.

Актор Кароль Смачны – выканаўца галоўнай ролі:

– Было цікава. Маю пэўны досвед. Я працаваў з вязнямі ў следчым ізалятары ў Беластоку. І гэты турэмны клімат мог пазнаць. Калі ўваходзіў у гэтую вязніцу, кjжны раз быў абшуканы, таму на ўласнай скуры змог адчуць турэмны парадак і часам дрыжыкі мне бегалі па скуры. Безумоўна, гэты досвед дапамог мне ўвайсці ў ролю былога вязня. 

Гледачы:

– Было пра што падумаць. Жывем звычайным жыццём, маем розныя штодзённыя праблемы, але ёсць людзі, якія маюць страшныя праблемы. Гэты фільм прымушае падумаць пра тое, што не варта ў жыцці перамайцца дробязямі, і больш цаніць тое жыццё, якім жывем.

– Фільм вельмі цікавы. Ёсць вельмі добрыя кадры. Відавочна, аператар пастараўся, каб усё выглядала якасна. І гэта сапраўды выглядае вельмі якасна і файна.

Прэзентацыя фільма“Wolka” Радка Дамброўскага прайшла ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку. Таксама гледачы маглі паглядзець дзве ранейшыя працы рэжысёра – кароткаметражныя фільмы “На дзікім Захадзе” і “Ці вы слухалі?”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.

Фота bialystok.naszemiasto.pl