Першы дзень працы Galeria Jurowiecka: фотарэпартаж
Натоўп беластачан і гасцей горада – гэта першы дзень працы новага гандлёва-забаўляльнага цэнтру Galeria Jurowiecka ў Беластоку. Шматлікія конкурсы, зніжкі, шэраг крамаў, якія ўпершыню прадстаўлены ў сталіцы Падляшша, забавы для дзяцей і канцэрты праходзілі на працягу ўсёй суботы, 24 кастрычніка. У нядзелю – працяг мерапрыемстваў з нагоды адкрыцця галерэі.
Перад галоўным уваходам у Galeria Jurowiecka паўстала пляцоўка, якую інвестар Канстанты Струс назваў „Зялёным пляцам”. Штучны зялёны газон запланаваны як дадатковае месца для адпачынку, дзе ўлетку абяцаюць паставіць нават шэзлонгі, а сёння тут бавіла час пераважна моладзь. Амаль усе гандлёвыя месцы былі адкрытыя, зачыненыя дзверы бачныя ў нешматлікіх месцах.
Спробы знайсці пакупнікоў з Беларусі былі мала ўдалымі: ці то гэтых пакупнікоў амаль не было, ці то проста яны ў вялізнай колькасці людзей проста губляліся з вока. Расейскую мову пачула толькі ўнізе на паркінгу, хоць і там не заўважна было шмат машын з беларускімі нумарамі.
Вечар суботы аздобіў выступ польскай спявачкі Эвы Фарны (Ewa Farna). У нядзелю, 25 кастрычніка, у 14 гадзін выступіць калектыў чачэнскага танца Lavzar з Беластока. Яго ўдзельнікі – маладыя і зусім малыя, аднак выключна таленавітыя танцоры. Гэта дзеці ўцекачоў з Чачні ў выніку першай і другой войнаў там. Значная частка чачэнскіх сем’яў прыязджала ў Беласток толькі як у транзітны пункт, але некаторая частка „асела” і ў сталіцы Падляшша. Lavzar стаў надзвычай папулярны асабліва пасля ўдзелу ў шоў Mam talent на польскім тэлебачанні, дзе дайшоў да фінальнага этапу.
[Not a valid template]
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
