Польшча накіруе дадаткова 500 вайскоўцаў на мяжу з Беларуссю



Польшча накіруе на гэтым тыдні дадаткова 500 вайскоўцаў і 8 адзінак спецтэхнікі да мяжы з Беларуссю для таго, каб супрацьстаяць нелегальнай міграцыі, паведамляе агенцтва Associated Press.

Урад краіны мяркуе, што праблему з мігрантамі, якія спрабуюць незаконна перасекчы польска-беларускую мяжу, арганізавалі Беларусь і Расея для дэстабілізацыі Еўразвяза.

«Мы будзем абараняць мяжу Польшчы з поўнай рашучасцю» і не дапускаць мігрантаў, сказаў Матэвуш Маравецкі пасля сустрэчы з міністрам унутраных спраў Польшчы і кіраўніком памежнай службы.

Члены ЕЗ Польшча і Літва сутыкаюцца з узрастаючым ціскам мігрантаў на сваіх межах з Беларуссю, якія з’яўляюцца часткай ўсходняй мяжы блока. Яны лічаць, што гэта «гібрыдная атака» рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з мэтай дэстабілізацыі 27 краін ЕЗ.

Памежны ціск пачаўся пасля таго, як заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі за рэпрэсіўныя меры супраць апазіцыі.

Фота: apnews.com