Польшча і Беларусь рыхтуюць план кіравання Белавежскай пушчай



Польшча і Беларусь рыхтуюць план кіравання Белавежскай пушчай, паведаміў „Радыё Польшча” генеральны дырэктар Дзяржаўнай лясной гаспадаркі Польшчы („Дзяржаўныя лясы”) Анджэй Канечны.

Ён растлумачыў, што падрыхтоўка сумеснага з Беларуссю трансмежавага плана кіравання Белавежскай пушчай вядзецца з 2016 года.

Канечны паведаміў, што на распрацоўку праграмы развіцця Белавежскай пушчы спатрэбіцца ад трох да пяці гадоў. Для гэтага будзе створаная спецыяльная група, якая зоймецца складаннем плана аховы пушчы. У гэтую групу ўвойдуць эколагі, леснікі і прадстаўнікі мясцовай грамадскасці.

„Мы хочам правесці цэлы шэраг кансультацый, але для таго каб яны былі мірнымі і выніковымі, спачатку будуць адбывацца сустрэчы асобна ў кожнай групе спецыялістаў. Мы хочам выявіць агульныя меркаванні. Тады можна будзе сустрэцца ў больш шырокім крузе з прадстаўнікамі ўсіх гэтых груп, каб абмеркаваць і выпрацаваць кампрамісны кірунак і рашэнне”, — сказаў генеральны дырэктар „Дзяржаўных лясоў”.

Белавежская пушча з’яўляецца аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

belapan.by