Польшча хоча пабудаваць плот на мяжы з Беларуссю для абароны ад дзікоў



Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Кшыштаф Юргель заявіў пра намер яго краіны пабудаваць плот на мяжы з Беларуссю і Украінай для абароны ад дзікоў.

Як паведамляе Польскае радыё, на працягу двух-трох тыдняў стануць вядомыя вынікі аналізу прававых і экалагічных умоў збудавання плота даўжынёй 729 км. Польскі міністр паведаміў, што кошт будаўніцтва агароджы складзе 130 млн злотых (30 млн еўра).

На думку экспертаў, прычынай з’яўлення афрыканскай чумы свіней у Польшчы былі заражаныя гэтым вірусам дзікі, якія зайшлі на польскую тэрыторыю з Беларусі.

Паводле слоў Юргеля, плот неабходна пабудаваць, нягледзячы на тое што ўвосень колькасць новых ачагоў афрыканскай чумы свіней павінна значна скараціцца. Самыя небяспечныя месяцы для развіцця гэтага захворвання — чэрвень, ліпень і жнівень.

З моманту з’яўлення АЧС у Польшчы 14 лютага 2014 года да гэтага часу выяўленыя 93 ачагі гэтага захворвання ў трох ваяводствах: Падляшскім, Люблінскім і Мазавецкім. Таксама выяўлены 461 выпадак заражэння АЧС дзікоў.

belapan.com

[manual_related_posts]