Польшча пацвердзіла парушэнне паветранай прасторы Беларусі і заявіла пра ненаўмыснасць інцыдэнту



 Узброеныя сілы Польшчы пацвердзілі факт парушэння паветранай мяжы з Беларуссю. Пра інцыдэнт аператыўнае камандаванне УС паведаміла ў „Твітэры”.

Паводле інфармацыі польскага ваеннага ведамства, парушэнне дзяржмяжы з Беларуссю ў паветранай прасторы здарылася ўначы 29 красавіка „пры выкананні стандартных патрульных задач”.

„Інцыдэнт не меў характару наўмысных дзеянняў, быў выпадковым і нядоўгім”, — гаворыцца ў паведамленні.

30 красавіка Міністэрства абароны Беларусі заявіла пра парушэнне паветранай прасторы з боку Польшчы.

Як паведаміла прэс-служба Мінабароны, факт парушэння быў зафіксаваны 29 красавіка ў 2.02 у раёне населенага пункта Казловічы. У 2 гадзіны 3 хвіліны верталёт-парушальнік Мі-24 пакінуў тэрыторыю краіны ў раёне населенага пункта. Церабунь. Паветранае судна суправаджалася сродкамі СПА, зазначылі ў міністэрстве.

Гэта паўторнае на працягу месяца парушэнне дзяржаўнай мяжы, дадалі ў ведамстве.

У сувязі з інцыдэнтам у міністэрства выклікалі аташэ па пытаннях абароны пры пасольстве Польшчы ў Менску. „Яму была выказаная заклапочанасць частымі выпадкамі парушэння дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, а таксама заяўлена пра неабходнасць правядзення разбору па дадзеным факце і інфармавання беларускага боку аб яго выніках”, — адзначылі ў прэс-службе.

Раней прэс-служба Мінабароны заяўляла, што ў той дзень у 20.45 было зафіксаванае парушэнне паветранай мяжы з боку Польшчы „неўстаноўленым паветраным суднам, якое ў далейшым вярнулася на польскую тэрыторыю”. 13 красавіка ў міністэрства таксама выклікалі польскага аташэ і заяўлялі пра неабходнасць правядзення разбору.

У адказ аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы абвергла інфармацыю пра парушэнне паветранай прасторы Беларусі і заявіла, што ў вячэрнія гадзіны 12 красавіка ваенныя самалёты не здзяйснялі палёты паблізу мяжы дзвюх краін.

БелаПАН