Польшча прыпыняе чыгуначныя зносіны з Беларуссю



У сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса COVID-19 Польшча прыняла рашэнне пра спыненне міжнародных чыгуначных зносін, у тым ліку часова прыпыняецца курсаванне цягнікоў беларускага фармавання.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-цэнтры Беларускай чыгункі, з 15 сакавіка адмяняюцца цягнікі: № 126/125 і 128/127 Берасце — Варшава — Берасце адпраўленнем з Варшавы і Берасця; № 304/303 Кракаў — Гародня адпраўленнем з Кракава і Гародні; № 119/120, 121/122 і 123/124 Берасце — Цярэспаль — Берасце адпраўленнем з Берасця і Цярэспаля.

Грошы за праязныя дакументы на адмененыя цягнікі можна вярнуць у білетных касах без дадатковых збораў. Вяртанне плацяжоў па электронных праязных дакументах ажыццяўляецца праз інтэрнэт-рэсурс, на якім яны былі набытыя. Тэрміны вяртання праязных дакументаў не абмежаваныя.

„Просім пасажыраў з разуменнем паставіцца да сітуацыі, якая склалася, і ўважліва сачыць за зменамі ў графіку руху цягнікоў. Аб аднаўленні руху цягнікоў і бесперасадачных вагонаў будзе абвешчана дадаткова”, — адзначаюць у Беларускай чыгунцы.

У прэс-цэнтры таксама праінфармавалі, што цягнікі ва ўкраінскім кірунку пакуль ходзяць без зменаў. У выпадку змянення сітуацыі пра гэта будзе паведамлена дадаткова.

З 15 сакавіка Польшча таксама прыпыняе міжнародныя авіязносіны і закрывае межы на ўезд іншаземцаў папярэдне на 10 дзён. З 16 сакавіка на два тыдні мяжу для іншаземцаў закрывае Украіна.

Фота pravo.by