Польшча разарвала супрацоўніцтва з Беларуссю і Расеяй па „Зялёнай карце”



Польскае бюро аўтастрахоўшчыкаў скасавала двухбаковыя пагадненні, якія звязваюць яго з беларускім і расейскім бюро. Гэта азначае ўзаемнае спыненне страхавання па сістэме „Зялёная карта”, паведамляе Prawo.pl.

Спыненне дзеяння пагадненняў набыло моц з 1 чэрвеня. Тэрмін дзеяння абавязацельстваў трох краін па ўзаемным прызнанні сертыфікатаў страхавання „Зялёная карта”, выдадзеных як у Польшчы, так і ў Беларусі і Расеі, скончыцца 31 траўня 2023 года.

Пасля гэтага сертыфікаты, выдадзеныя ў Польшчы, стануць несапраўднымі на тэрыторыі Беларусі і Расеі, сімвалы гэтых краін на сертыфікаце будуць выкраслены. Гэтак жа і з „зялёнымі картамі”, выдадзенымі ў Беларусі і Расеі, – яны не будуць працаваць у Польшчы. У іншых краінах, якія не разарвалі пагадненні, полісы працягнуць дзейнічаць.

На практыцы, як патлумачыў старшыня праўлення Польскага бюро аўтастрахоўшчыкаў Марыюш Віхтоўскі, гэта азначае, што да 31 траўня 2023 года кіроўцы яшчэ могуць купляць „зялёныя карты” на тэрыторыі трох краін і выкарыстоўваць іх для паездак паміж імі, страхоўкі будуць узаемна прызнавацца аж да гэтай даты. А пасля 31 траўня кіроўцы будуць змушаныя купляць унутраны поліс памежнага страхавання ў той краіне, у якую едуць: беларусы і расейцы – у Польшчы, палякі – у Беларусі і Расеі.

[manual_related_posts]