Польская Gazeta Wyborcza заклікае дасылаць паштоўкі Анджэю Пачобуту



Польская Gazeta Wyborcza выйшла з каляднай паштоўкай, якую прапануюць даслаць Анджэю Пачобуту. Гарадзенскі журналіст, адзін з лідараў апальнага Саюза Палякаў у Беларусі, ужо 267 дзён, з 25 сакавіка, знаходзіцца за кратамі паводле палітычна матываваных абвінавачанняў, піша Gazeta Wyborcza.

Сёлета калегі прызналі яго журналістам года ў Польшчы.  

У папяровым выпуску газеты, што выйшаў у панядзелак, знаходзіцца паштоўка, якую прапануюць падпісаць чытачам і даслаць у Беларусь, такім чынам віншуючы Пачобута з Калядамі. Напісаць просяць па-руску, бо польскі тэкст можа не прайсці турэмную цэнзуру. Таксама газета просіць чытачоў устрымацца ад палітычных момантаў, каб было больш шанцаў на тое, што паштоўку Пачобуту перададуць.

Актывіст не прызнанага ўладамі Саюза палякаў Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка. Яго вінавацяць у распальванні нацыянальнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК), журналісту пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення.