Польская паліцыя затрымала трох беларусаў, якія абкрадалі фуры ў Кузніцы



Трое беларусаў на працягу месяца ўскрывалі фуры, якія стаялі з польскага боку мяжы, і выкрадалі з іх матэрыяльныя каштоўнасці.

Як паведамляе партал euroby.info, вялікія чэргі на мяжы Еўразвяза з Беларуссю часам вымушаюць кіроўцаў, асабліва вялікагрузных машын, чакаць праезду суткі і больш. З-за гэтага даводзіцца спаць у машыне, чакаючы ў чарзе на дарозе, альбо адлучацца і пакідаць машыну без нагляду.

З красавіка гэтага года на ўчастках, прылеглых да польскага боку мяжы ў раёне Кузніцы, пачалі фіксаваць выпадкі крадзяжоў з фур з прычэпамі з брызента. Кіроўцы ў гэты момант альбо спалі, альбо адсутнічалі ў машыне. У прычэпах рэзалі брызент і выцягвалі з іх розныя тавары. Паліцыі вядомыя факты крадзяжу адзення, касметыкі, алкаголю, харчовых дадаткаў і нават скульптуры.

У ноч з 16 на 17 красавіка паліцыя Сакулкі затрымала 59-гадовага беларуса на легкавой машыне «Фольксваген», у якой знаходзіліся інструменты для выкрыцця брызенту. У паліцыі ўжо былі звесткі, што менавіта такая машына выкарыстоўвалася зламыснікамі пры здзяйсненні крадзяжоў.

Затым яшчэ двух грамадзян Беларусі 41 і 47 гадоў затрымалі ў Беластоку. У кватэры ў іх былі знойдзеныя тавары, скрадзеныя з фур, на суму больш за 50 тысяч злотых.

Крымінальнай тройцы пагражае да 10 гадоў турмы кожнаму.

Беларускае Радыё Рацыя