Польскі прафсаюз “Салідарнасць” адправіць гуманітарную дапамогу ў Беларусь



Польскі  прафсаюз “Салідарнасць” адправіць гуманітарную дапамогу ў Беларусь. Гэта будзе некалькі дзясяткаў тон харчовых прадуктаў, паведаміў у Гданьску, старшыня  прафсаюза „Solidarność” у Гданьску Пётр Дуда.

Таксама створаны фонд „Салідарнасць з Беларуссю”, у які прафсаюз унёс 1 мільён злотых. Сёння старшыня незалежнага прафсаюза „Салідарнасць” Пётр Дуда выступіў са „Зваротам да Беларусі” і склікаў канферэнцыю па дзейнасці „Solidarnośćі” у падтрымку беларусаў у барацьбе за свабоду і грамадзянскія правы.

“Мы назіраем за развіццём падзей у Беларусі пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў з вялікай заклапочанасцю і непакоем. Аляксандр Лукашэнка абраў шлях жорсткага супрацьстаяння і жорсткага ўціхамірвання беларусаў, якія дэманстравалі сваю апазіцыю. Улада ўдзельнічае ў варварскім гвалце і жорсткіх зверствах, якія не маюць ніякага рацыянальнага апраўдання, акрамя адчайнай абароны дыктатуры. Сюжэты жорсткага і распаўсюджанага гвалту хадзілі па ўсім свеце, узбуджаючы тэрор, гнеў, спачуванне ахвярам і пагарду да злачынцаў”, – напісаў Пётр Дуда ў звароце.

Ён падкрэсліў, што для “Салідарнасці” гэта асаблівы момант, таму што 40 гадоў таму палякам была патрэбна дапамога, а цяпер беларусам патрэбна падтрымка. Ён дадаў, што актывістаў прафсаюза, работнікаў звальняюць з працы і саджаюць у турму, за тое што яны ініцыююць і ачольваюць забастоўкі  супраць фальсіфікацыі выбараў. „Прафсаюз “Салідарнасць” абавязаны падтрымліваць адзіны ў Беларусі свабодны прафсаюз, а менавіта Беларускі кангрэс свабодных дэмакратычных прафсаюзаў з ягоным старшынём Аляксандрам Ярашуком. Мы супрацоўнічаем з ім шмат гадоў. Іншыя прафсаюзы ў Беларусі звязаныя з рэжымам,” – сказаў Пётр Дуда. Старшыня “Салідарнасці” паведаміў у Гданьску, што прафсаюз вырашыў заўтра адправіць у Беларусь канвой гуманітарнай дапамогі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота solidarnosc.org.pl