Польскі ўрад прыняў антыкрызісны пакет (абноўлена)
Улады Польшчы распрацавалі план дапамогі прадпрымальнікам у сувязі з пандэміяй каронавірусу. Сума падтрымкі ацэньваецца ў 212 мільярдаў злотых. Сярод мераў – і часовае вяртанне нядзельнага гандлю, піша Gazeta Wyborcza. Праграму на супольным паседжанні прадставілі прэзідэнт Анджэй Дуда і прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі. Нагадаем, што спярша негандлёвыя нядзелі чаргаваліся, але з гэтага года гандаль забаронены цалкам.
Дэталі магчымай адмены дадзенай забароны пакуль невядомыя.
* * *
Маем надзею, што будзе лепшае заўтра, што зможам праз юрыдычныя і фінансавыя захады зменшыць наступствы эпідэміі, сказаў сёння прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі, гаворачы пра антыкрызісныя захады, якія робіць урад.
Урад падрыхтаваў так званы „Антыкрызісны шчыт”, каб абмежаваць уплыў эпідэміі на эканоміку і прадпрымальнікаў, асабліва тых, хто найменш абаронены. “Антыкрызісны шчыт” – гэта 212 мільярдаў злотых.
– Паводле ацэнак, вартасць пакета састаўляе каля 212 мільярдаў злотых. Гэта падтрымка працаўнікоў перад стратай працоўных месцаў. Яны змогуць атрымаць 40% ад сумы сярэдняга заробку па краіне.
Пакет пад назвай „Антыкрызісны шчыт” быў падрыхтаваны цягам 2 апошніх тыдняў, паведаміў прэм’ер-міністр Польшчы. Яго мэта – неадкладна ўвесьці меры, якія змогуць мінімалізаваць наступствы крызісу, выкліканага эпідэміяй.
Беларускае Радыё Рацыя
Fot. Jakub Czermiński
