Польскія навукоўцы заклікаюць перагледзець пабудову бар’еру на мяжы з Беларуссю



Навуковая рада Інстытута Млекакормячых Польскай акадэміі навук у Белавежы выступіла з адкрытым лістом ў справе міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю і будаўніцтва памежнай агароджы.

“Як Навуковая рада Інстытута, які дзейнічае ў памежнай зоне, дзе цяпер уведзенае надзвычайнае становішча, мы лічым абавязковымі заняць пазіцыю адносна крызісу, які працягваецца, і дзеянняў, прынятых у гэтым пытанні”, – пішуць навукоўцы ў лісце.

Яны заклікаюць аказаць неадкладную гуманітарную і медыцынскую дапамогу мігрантам. “Сітуацыя, якая склалася, хаця і з’яўляецца вынікам правакацыі бязлітаснага дыктатара, не змяншае пакуты яе ахвяр. Гэта таксама не пазбаўляе нас ад маральнага абавязку дапамагаць”.

“Як біёлагі, мы таксама хочам звярнуць увагу на незваротныя наступствы пабудовы памежнага бар’ера для прыроды паўночна-ўсходняй Польшчы, у тым ліку ўнікальнай экасістэмы Белавежскай пушчы – трансгранічнага аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Такі бар’ер будзе перашкаджаць перамяшчэнню, міграцыі і патоку генаў у папуляцыях рэдкіх і ахоўных відаў, стане смяротнай пасткай для жывёл, якія спрабуюць яе перасекчы, і пагрозай для выжывання ізаляваных папуляцый” – адзначаюць польскія навукоўцы. І дадаюць, што будаўніцтва памежнага бар’еру можа прывесці да выключэння трансгранічнай тэрыторыі Белавежскай пушчы са спісу Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Яны заклікаюць адмовіцца ад будаўніцтва пастаяннага збудавання на польскай мяжы або разгледзець меры, якія змякчаць яго негатыўны ўплыў на жывёл.

Нават самыя высокія агароджы не вырашаць крызіс на мяжы з Беларуссю, а стануць пастаянным бар’ерам паміж краінамі, людзьмі і дзікай прыродай – упэўнены навукоўцы.