Польскія прадпрымальнікі ў памежнай зоне пацярпелі ад рэжыму надзвычайнага становішча



Практычна ўсе польскія прадпрымальнікі ў памежнай зоне пацярпелі ад рэжыму надзвычайнага становішча. Таксама тыя, што знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці з зонай. Турысты неахвотна наведваюць Падляшша.

Страты, нанесеныя крызісам на мяжы, падлічваюць і прадпрымальнікі з-за межаў забароненай зоны. У іх няма ніякіх шанцаў на кампенсацыю ў 65% ад даходаў, піша газета «Rzeczpospolita».

Паводле прыкладных ацэнак, гэтую мясцовасць наведваюць толькі 12-15% ад тае колькасці турыстаў, якія былі перад пандэміяй.

Гражына Арцемюк, якая кіруе рэстаранамі ў Гайнаўцы (за зонай) і ў Белавежы (у зоне), кажа, што цяпер ейны даход у Гайнаўцы больш чым удвая меншы.

Прадпрымальнікі, якія знаходзяцца за межамі зоны, не могуць разлічваць на кампенсацыю ў памеры 65% ад даходаў, якія прадугледжаны Законам аб кампенсацыі ў сувязі з увядзеннем летась ў частцы Падляшскага і часткі Любэльскага ваяводства надзвычайнага становішча ў сувязі з міграцыйны крызысам. Нягледзячы на тое, што рэжым надзвычайнага становішча скончыўся, новы закон захаваў забарону на ўезд.

Мясцовыя жыхары асцерагаюцца, што пасля зімы зайсці ў лес усё роўна будзе цяжка, бо на мяжы будуецца сцяна і ўзмацняецца прысутнасць дзяржаўных службаў і войска.

[manual_related_posts]