Польскія СМІ спынілі сваю працу ў знак пратэсту



Недзяржаўныя польскія тэлеканалы сёння не працуюць, таксама як і шматлікія інтэрнэт-парталы. Гэта агульны пратэст польскіх медыяў супраць намеру ўладаў увесці падатак на рэкламу. Недзяржаўныя СМІ з гэтым не пагаджаюцца, у значнай частцы іх дзейнасць магчымая менавіта дзякуючы рэкламе, а страта часткі грошай можа прывесці нават да ліквідацыі многіх незалежных СМІ. Старшыня Асацыяцыі беларускіх журналістаў у Польшчы Тамаш Суліма прыгадвае, што падобным шляхам пайшлі ў Венгрыі, дзе на сёння практычна няма апазіцыйных сродкаў масавай інфармацыі:

– Гэта выглядае на варыянт венгерскі. Гэта будзе кранаць не толькі буйных гульцоў, як Google ці Facebook, але таксама меншых выдаўцоў, лакальных. Усіх тых, хто зараз жыве з рэкламы. Пры тым, калі гэта будзе кранаць толькі недзяржаўныя СМІ… Мы добра ведаем як беларусы, бо вопыт ёсць і ў Беларусі, і ў Расеі, што такое дзяржаўныя СМІ, чым гэта пахне. Гэта для свабоды прэсы, для дэмакратычнай краіны зусім не дапушчальна, так не павінна быць.

Паводле плану ўладаў, увядзенне новага падатку для недзяржаўных медыяў дазволіць у 2022 годзе атрымаць 880 мільёнаў злотых, якія пойдуць у Фонд аховы здароўя на барацьбу з пандэміяй, а таксама ў Нацыянальны фонд аховы помнікаў і Фонд падтрымкі культуры і нацыянальнай спадчыны ў медыяпрасторы. Незалежныя медыя заяўляюць, што гэта вымантачванне грошай, якое ўдарыць па слухачах і гледачах, а таксама па польскай культуры, спорце і СМІ.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: antyweb.pl