Пра беларускі джаз, які нарадзіўся ў Беластоку
Як беларускі джаз нарадзіўся ў Беластоку? – менавіта пра гэта размаўлялі ў беластоцкім „Склепе з культурай”. Госцем сустрэчы з цыкла „Пагаворым пра…” быў музыка, паэт і журналіст з Менску Віктар Сямашка, які распавёў пра пачатак, заняпад і сучасны стан беларускага джазу.
Нават аматары гэтага жанру музыкі былі пад уражаннем ад пачутага ў час мерапрыемства:
– Тут трэба быў такі чалавек, які сам грае, сам спявае, які цікавіцца музыкай, які ведае розныя жанры музыкі. Трэба было знайсці такога чалавека, да таго ж яшчэ не з Беластоку, які дакапаўся да гісторыі, якую мы самі не ведалі.
Віктар Сямашка: З пункту гледжання постмадэрнісцкага, шырокага, гэта тэма вартая асвятлення, таму што надзвычай захапляльная, і столькі гісторый, столькі імёнаў, столькі ўзаемасувязяў. І тут яднаецца не толькі Беларусь і Польшча, а ўвогуле ўтвараецца такі агульнаеўрапейскі кантэкст.
– Цікавая, малавядомая для шырокага кола тэма. Лічу, што варта пашыраць веды пра гэта.
З верасня ў аўтарскай перадачы Віктара Сямашкі „Кракатук” можна будзе больш падрабязна даведацца пра беластоцкія пачаткі беларускага джазу. Перадача гучыць на нашым радыё па серадах а 20:05. Усе перадачы таксама можна паслухаць на нашым сайце.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі