Праблемы з «зялёнымі зонамі» ў Беластоку



Сярод 18-ці найбольшых гарадоў Польшчы сталіца Падляшша апынулася толькі на 16 месцы паводле колькасці зялёных насаджэнняў на аднаго жыхара. Пра гэта пішуць у петыцыі да прэзідэнта горада Тадэвуша Трускаляскага прадстаўнікі шэрагу грамадскіх арганізацый. Сярод гэтых арганізацый – Інстытут гарадскіх дзеянняў, прадстаўнік якога Радаслаў Пуська тлумачыць пазіцыю аўтараў звароту:

— Мы ў Беластоку маем закадаванае, што Беласток — нібы зялёны горад, сталіца зялёных лёгкіх Польшчы, але факты, на жаль, кажуць пра іншае. У нас высякаецца штораз больш дрэваў, проста тысячамі пры будаўніцтве новых дарог. Я разумею гэта, калі ёсць план на новую добру дарогу. Толькі давайце дамовімся, што, калі высякаем недзе дрэвы, дык пасадзім у іншым месцы новыя.

Найбольш актывістаў турбуюць высечкі дрэў падчас развіцця дарожнай інфраструктуры, аднак яны звяртаюць увагу і на факты пагаршэння стану паркаў ды іншых зялёных зон горада. Таксама прыгадваецца, што развіццё “зялёных тэрыторый” запісана ў стратэгіі развіцця горада Беласток на 2011-2020 гады.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]