Пракурор Віктар Шокін у сепаратысцкай дзейнасці абвінавачвае 11 асобаў



Генеральная пракуратура Украіны адкрыла крымінальныя справы ў адносінах да дэпутатаў і чыноўнікаў з Крыма.

У сепаратысцкай дзейнасці абвінавачваюцца 11 асобаў, сярод якіх цяперашнія кіраўнікі Крыма Уладзімір Канстанцінаў ды Сяргей Аксёнаў. Падазраваных абвесцілі ў вышук, суд выдаў дазвол на арышт.

Пасля прызначэння новым генеральным пракурорам чыноўніка часоў Януковіча Віктара Шокіна, многія не чакалі, што пракуратура зрушыць з месца справы, разгляду якіх дамагаліся амаль год, кажа украінскі грамадскі актывіст Сяргей Кузан.

 – Новы пракурор хоча паказаць вынік, яму трэба зламіць стэрэатып. І ён разумее, што вынік ён можа паказаць толькі рашучымі дзеяннямі.

Генеральны пракурор Віктар Шокін быў прызначаны генеральным пракурорам на мінулым тыдні. На гэтай пасадзе ён замяніў “майданаўца” Віталя Ярэму, адстаўкі якога ужо паўгода дамагаліся некаторыя палітыкі і грамадскія актывісты.

 Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя