Працягваецца белавежскае “Рознагалоссе”



У Белавежы жыхары ды турысты мелі нагоду сустрэцца з беларускай песняй. У мясцовым амфітэатры прайшоў канцэрт у рамках цыкла музычных прэзентацый беларускай нацыянальнай меншасці “Рознагалоссе”.

Адной з мэтаў мерапрыемства – даць шанец паказацца менш вядомым аматарскім калектывам ці спявакам. На гэты раз белавежская публіка магла пачуць вучанніцу гайнаўскага белліцэя Вераніку Пташынскую, калектывы “Навіна” з Машчоны Каралеўскай і “Незабудкі” з Нурца Станцыі, у якім спявае Вольга Філоц:

– Мы стараемся адшукаць такія песні, даўнейшыя. 10 год наш калектыў існуе. Гэтым разам нас шэсць удзельнікаў. Маем музыканта. Штотыдзень сустракаемся, рыхтуемся да выступаў. Раз у тыдзень, бывае два разы. Розныя песні спяваем.

Узяў удзел такасама танцавальны калектыў з мясцовай школы. Зоркай вечарыны быў гайнаўскі калектыў “Давід Шымчук Бэнд”. Апошні, чацвёрты, канцэрт шостага выпуску “Рознагалосся” пройдзе 18 жніўня.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара