Праваабаронца Сяржук Сыс: Панікі няма, але чэргі ў крамах і да банкаматаў вялізныя



Размова з беларускім праваабаронцам Сержуком Сысам, які зараз знаходзіцца ў Заходняй Украіне.

Сяржук Сыс: Я сам сёння бачыў, як дзве ракеты праляцелі над нашым горадам. Яны ўпалі ў Івана-Франкоўску, як я затым даведаўся. Зараз тут самалёты лётаюць ваенныя. У краму зайсці немагчыма, там велізарныя чэргі, скупаюць літаральна ўсё – крупы, алей, цукар. Немагчыма нічога купіць. Самыя вялікія чэргі тут ля банкаматаў. Проста там не дастаяцца. Наяўныя грошы падвозяць, але трэба стаяць паўдня і больш, каб атрымаць грошы. Тут больш менш спакойна, толькі гэтыя ракеты. У Кіеве, канешне, самая вялікая праблема тое, што цяжка выехаць з горада. Электрычкі не ходзяць і аўтамабілем цяжка перасоўвацца, мне сказалі, што сем кіламетраў у гадзіну рухаюцца машыны з Кіева ў накірунку на захад, бліжэй да польскай мяжы.

РР: Інфармацыя распаўсюджваецца праз знаёмых?

Сяржук Сыс: Так, у мяне ёсць некалькі сяброў у Кіеве і яны пераказваюць навіны. Некаторыя нашыя журналісты, якія былі ў Кіеве, зараз спрабуюць выехаць. Збіраюцца разам, у каго ёсць аўтамабіль, збіраюцца камандамі і едуць у заходнюю частку Украіны. Панікі асабліва ў Кіеве няма. Там таксама велізарныя чэргі, кіламетровыя. Я прыехаў сюды з Чарнігава. У Чарнігаве ўсю раніцу былі чуваць выбухі з боку горада Нежына. У самім Чарнігаве ціха пакуль што. Таксама чэргі. Вайсковай тэхнікі ў Чарнігаве на гэтую мінуту не было яшчэ. Хаця кажуць, што з боку Беларусі едзе тэхніка, але ў Чарнігаве дакладна яе не бачылі.

РР: Так, нібыта мяжу перасякалі танкі з боку Беларусі ў накірунку Чарнігава. А інфармацыйнае поле Украіны, як яно выглядае?

Сяржук Сыс: Украінскае тэлебачанне разумнае, яно трошкі паказвае ваенныя падзеі, расказвае, як людзям у ваенным становішчы сябе паводзіць. Інструкцыю кожныя 20-30 хвілін паказваюць: што трэба дома мець, дзе бліжэйшае бомбасховішча. І таксама Міністэрства ўзброеных сіл Украіны перадае зводкі. Кажуць, што ўсё пад кантролем, супакойваюць. Не нагнятаюць нейкую істэрыяю. Але паступілі звесткі, што людзі, якія служылі афіцэрамі, альбо хто працаваў раней у паліцыі, ім выдаюць зброю. Гэта ў вялікіх гарадах – у абласных і сталіцы. То бок робіцца такое народнае апалчэнне.

Размова:

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]