Праваслаўныя Падляшша выказалі непаразуменне ў лісце да Сабора епіскапаў ППЦ



Падпісаны звыш 400 вернікамі ліст у справе ўганаравання люблінскага ваяводы Пжэмыслава Чарнка найвышэйшым ордэнам Польскай праваслаўнай царквы, перададзены Сабору епіскапаў, у канцылярыю мітрапаліта Савы, – паведаміла адна з ініцыятараў ліста, пісьменніца Анэта Прымака. Цягам 2 тыдняў пад лістом падпісаліся звыш 400 вернікаў. Ініцыятары ліста выказваюць непаразуменне – чым люблінскі ваявода заслужаны для праваслаўнай царквы ў Польшчы.

– Усе, хто падпісваўся, не разумеюць гэтага рашэння. Для нас гэта такое няўважнае стаўленне да нашай гісторыі, памяці. Гэтыя, хто падпісваліся, хацелі бы ведаць, што такога ваявода Чарнак зрабіў для праваслаўных у Польшчы, каб атрымаць гэты ордэн. Спадзяемся, што гэта будзе нейкі пачатак дыскусіі аб нашай традыцыі, гісторыі, нашым мінулым і аб тым, кім мы тут ёсць, праваслаўныя ў Польшчы.

19 траўня Сабор епіскапаў Польскай праваслаўнай царквы ўганараваў люблінскага ваяводу Пжэмыслава Чарнка ордэнам Марыі Магдалены. Найвышэйшая ўзнагарода Царквы трапіла ў рукі чалавека, які зневажаў памяць цывільных ахвяраў Сахрыні, дзе ў сакавіку 1944 года польскія партызанскія групоўкі здзейснілі злачынства ў дачыненні да мясцовых праваслаўных украінцаў.

У Сахрыні, паводле гісторыкаў ІПН, загінула ад 150 да 300 украінцаў, паводле украінскіх гісторыкаў загінула ад 600 да 800 чалавек, сярод якіх звыш палова жанчыны і дзеці.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя