Правы чалавека ў народаў, паняволеных Расеяй



На такую тэму адбыўся круглы стол у Варшаве, арганізаваны Рухам Салідарнасці “Разам” сумесна з варшаўскім Еўрамайданам. Выступілі беларускія, польскія ды ўкраінскія грамадскія дзеячы, а таксама прадстаўнікі карэнных народаў, якія пражываюць на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Удзельнікі гаварылі пра актуальны стан правоў чалавека сярод гэтых народаў. Былы беларускі палітвязень Валерый Сядоў зазначае, што ў Расеі не толькі нацыянальныя меншасці, але нават расейцы не маюць правоў:

У Расеі не толькі правы народа, у Расеі не выконваюцца правы расейцаў. Бо ў Расейскай Імперыі – былой і цяперашняй – чалавек з’яўляецца сродкам для развіцця дзяржавы, а сам – ніхто. Таксама малыя народы этнічныя, якія насяляюць Расею, з’яўляюцца сродкам для Расейскай Імперыі, таму яны падаўляюцца, знішчаюцца, іх культура знішчаецца.

Дэпутатка польскага Сейма Маўгажата Гасеўская лічыць, што варта стварыць платформу, якая аб’яднае людзей, гатовых змагацца з расейскім аўтарытарызмам:

Правы чалавека – гэта паняцце, якое ў краінах, звязаных з Уладзімірам Пуціным, якія яму падпарадкаваныя, невядомы. Трэба склікаць нейкі форум, стварыць нейкую ўстанову, арганізацыю, дзе такія людзі, як мы, якія маюць адвагу супрацьстаяць Расеі, хочуць быць разам, хочуць супольна ладзіць мерапрыемствы, знойдуць такое месца, дзе маглі б сустракацца і гэта рабіць.

Удзельнікі прынялі некалькі дакументаў, у тым ліку зварот да Еўрапарламента, з просьбаю паўплываць на паляпшэнне стану з правамі чалавека сярод карэнных народаў Расейскай Федэрацыі. Яны таксама запрасілі варшавянаў на Марш падтрымкі паняволеных Расеяй народаў і супраць акупацыі Крыма, які пачнецца ў нядзелю, 14-га снежня, у 13.30 на Замкавым пляцы.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота Лешка Імельскага