Праз тры дні адкрыюць аўтавакзал у Беластоку



Тры дні засталіся да афіцыйнай прэзентацыі новага аўтавакзала ў Беластоку. Ужо цяпер падарожныя карыстаюцца новым будынкам вакзала і прыпынкамі.

Інвестыцыя была рэалізаваная з сакавіка і каштавала 13 мільёнаў злотых. У новым двухпавярховым аб’екце знойдуцца, між іншым, вялікая зала чакання ды касы. Будзе таксама на фасадзе будынка надпіс “Беласток”, якога спачатку не прадугледжвалі. Дадаткова могуць з’явіцца таксама надпісы паанглійску і па-расейску, кажа старшыня PKS NOVA Цэзары Серадзкі.

Найчасцей практыкуецца, што пры касе, напрыклад, №1 напісана «Білеты» і дадаткова на 1-2 мовах падаецца такая інфармацыя. Мы разумеем гэта і спадзяемся, што на гэты вакзал будуць прыязджаць людзі з-за мяжы, бо перавозчыкі, якія карыстаюцца нашым вакзалам, возяць людзей з той жа Беларусі.

Ужо цяпер ля вакзала адкрыты паркінг на 300 машынаў і супермаркет. У сакавіку 2018 года побач аўтавакзала ў Беластоку адкрыецца таксама гандлёвы цэнтр.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара