Прэм’ера на сцэне беластоцкага тэатра Венгеркі: „Хобіт”



Працы над спектаклем было вельмі шмат. На сцэну стараліся перанесці адметную атмасферу твораў Джона Толкіена. На сцэне драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі сёння, 11 траўня, прэм’ера «Хобіт» паводле Толкіена.

У Польшчы – толькі беластоцкі драматычны тэатр імя Аляксандра Венгеркі мае ліцэнзію на сцэнічнае ўвасабленне гэтага твора, – кажа рэжысёр спектакля Гжэгош Сускі:

– Атрыманне права на гэты спектакль доўжылася досыць доўга. Мы адзіны тэатр у Еўропе, які мае права паставіць на сцэне “Хобіта”. Вядома, што ў Польшчы гэты твор прысутнічае ў падручніках. Але мы пастараліся, каб гэта было не як матэрыял з падручніка. З тае прычыны, што на спектакль будуць прыходзіць дзеці, мы вырашылі вучыць іх тэатру. І стараліся гэта зрабіць у добрай сцэнаграфіі, з добрымі касцюмамі, з добрай музыкай, з выдатнай ігрой актораў.

Прэм’ерныя спектаклі ў суботу і нядзелю на сцэне драматычнага тэатра ў Беластоку а 16-ай, час польскі. Дадатковыя імпрэзы, прымеркаваныя да прэм’еры, пачынаюцца а 15-ай.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя