Прэм’ера ў Беластоцкім драматычным тэатры



Тэатр запрашае на спектакль „Аблава” рэжысёра Яна Навара. Ён створаны на падставе фактаў – аўгустоўская аблава, калі савецкія ўлады ў ліпені 1945 года арганізавалі аперацыю па ліквідацыі польскага антыкамуністычнага падполля на тэрыторыі Аўгустоўскай пушчы.

Пра рэальныя гістарычныя падзеі распавядаць тэатральнымі сродкамі не проста, кажа рэжысёр Ян Навара, асабліва на фоне гістарычнага кантэксту:

– Гісторыя не з’яўляецца простай, нічога не з’яўляецца чорна-белым у гэтай баталіі за вольную Польшчу. Таксама з другога боку – з боку ПНР людзі таксама перажывалі свае драматычныя гісторыі. Пачуцці, якія ён будзе выклікаць, будуць рознымі ў залежнасці ад таго, якім было мінулае тых людзей, якія будуць сёння глядзець, альбо іх продкаў.

Рэгіанальнае аддзяленне лясной гаспадаркі, сярод іншага аказвала фінансавую падтрымку гэтай пастаноўкі. І такое рашэнне цалкам слушнае, кажа прадстаўнік арганізацыі Яраслаў Краўчык:

– Добра, што мы маглі дапамагчы ў рэалізацыі гэтага спектакля. У Аўгустоўскай пушчы ёсць некалькі лясніцтваў, якія маглі прызначыць свае сродкі на спектакль. Я ўжо бачу, што ён дакладна будзе вартым таго, каб перажыць гэту трагічную падзею.

Спектакль „Аблава” таксама намінаваны на 25-ы Нацыянальны конкурс сучаснага мастацтва, які арганізуе Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны. А прэм’ерныя паказы ў Беластоцкім драматычным тэатры імя Аляксандра Венгеркі пройдуць 1, 2 і 3 сакавіка.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыдыё Рацыя