Пункт пропуску „Пясчатка – Полаўцы” зменіць свой статус і спецыялізацыю



Пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы „Пясчатка – Полаўцы” ў бліжэйшы час зменіць свой статус і спецыялізацыю. Гэта робіцца дзеля таго, каб разгрузіць дзеючыя пункты пропуску, паколькі асноўны напрамак транзітнага грузапатоку „Казловічы-Карошчын” – перагружаны. Паводле кіраўніка Берасцейскай мытнай службы Уладзіміра Арлоўскага, адкрыццё пераходу “Пясчатка-Полаўцы” пасля мадэрнізацыі адбудзецца ў пачатку 2015 года:

– Я мяркую, што беларускі і польскі бакі сінхронна гэты пункт пропуску дабудуюць і адчыняць. Акрамя гэтага, мы сумесна з польскім бокам перавядзём яго са статусу міждзяржаўнага ў міжнародны. Праз гэты пункт будзем прапускаць грузавікі, пакуль вагой да 7, 5 тон, а ў перспектыве і болей.

Паводле Уладзіміра Арлоўскага, інтэнсіўнасць перамяшчэння грузаў па ўсёй беларуска-польскай мяжы цяпер перавышае нормы. Мадэрнізацыя памежнага пераходу “Пясчатка-Полаўцы” павінна палепшыць гэтую сітуацыю. Пасля завяршэння працаў,  прапускная здольнасць „Пясчаткі” дасягне 1.200 аўтамабіляў у суткі, што ў 4,5 разы вышэй за цяперашнюю.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота abw.by