Пяць гадоў таму памёр пісьменнік Сакрат Яновіч



Пяць гадоў таму, 17 лютага 2013 году, пайшоў з жыцця выбітны беларускі і польскі літаратар ды публіцыст Сакрат Яновіч.

Ён нарадзіўся ў Крынках, на Падляшшы, там жа правёў апошнія гады свайго жыцця, і пахаваны на мясцовых могілках. Як кажа мастак, прафесар Лявон Тарасэвіч, для яго Сакрат стаў другім бацькам:

– Сакрат з’явіўся натуральным чынам у нашым асяроддзі ў 80-х гадах. Сакрата я знайшоў, калі думалі рабіць першую „Бацькаўшчыну”. У гэты момант я таксама дазраваў, таму для мяне Сакрат стаў інтэлектуальным бацькам, першым быў Юрый Туронак.

Сакрат Яновіч пакінуў пасля сябе багатую літаратурную спадчыну. Сярод яго твораў – знакамітая кніга “Białoruś, Białoruś”, раман “Сцяна”, “Хатняе стагоддзе”, вядомыя сакратаўскія мініятуры ды шматлікія іншыя. Вось як творчасць Сакрата акрэслівае польскі пісьменнік беларускага паходжання – Ігнацы Карповіч:

– Не ведаю ці можна сказаць так пра рэчы Сакрата, якія я чытыў, але гэта густоўная творчасць. Таму кажу, што гэта можа дзіўна гучаць, Крынкі і гэтак далей, што з гэтым хутчэй не асацыюецца, але яна густоўная, высокага ўзроўню.

Сакрат Яновіч нарадзіўся 4 верасня 1936 году ў Крынках. Быў чальцом Саюзу польскіх пісьменнікаў, старшынёй Беларускага дэмакратычнага аб’яднання – першай беларускай палітычнай партыі ў пасляваеннай Польшчы, створанай ў 1990 годзе. Цяпер у ягоным доме ў Крынках месціцца Фонд “Villa Sokrates”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gazeta.pl