Пётр Палторак: Мая задача – вярнуць у тэатр гледача



Тэатр для ўсіх і таму больш класікі. Дырэктар беластоцкага тэатра імя Аляксандра Венгеркі Пётр Палторак расказаў пра свае планы. На пасадзе ён працуе з 1 студзеня 2017 года.

Мясцовых тэмаў, у тым ліку звязаных з жыццём нацыянальнай меньшасці, стане меньш, больш плануецца класікі. Спектаклі з беларускай тэматыкай «Сонька» ды «EXODUS 2.0» пра бежанства зніклі з афішы, а беларускія акцёры Святлана Анікей і Аляксандр Малчанаў – не запатрабаваныя. Беластоцкі тэатр па новаму? З дырэктарам тэатра Пётрам Палтаракам сустрэўся Улад Грынеўскі.

РР: Беларускае Радыё Рацыя, калі распавядае пра Драматычны тэатр у Беластоку, то перадусім нас цікавяць праекты, якія ў тэатры звязаныя з жыццём на Падляшшы. Раней у тэатры актыўна закраналіся падляшскія тэмы, былі спектаклі: “Бежанцы”, “Антыгона”, а таксама “Сонька” Ігнацыя Карповіча. Ці будзе далей працягвацца такая палітыка тэатра, скіраваная на мясцовыя тэмы, якія таксама закранаюць і жыццё беларусаў на Падляшшы?

Пётр Палторак: Напрацягу апошніх чатырох гадоў спектаклі, пра якія вы прыгадалі, праходзілі ў тэатры. Праблема ў тым, што гэтыя спектаклі, не прыцягвалі вялікай колькасці гледачоў. Гэтая тэма, калі ідзе пра жыхароў Падляшша, думаю, у тэатры будзе працягвацца, можа не ў такім аб’ёме, бо акрамя беларускай меншасці ёсць татары, а таксама габрэі. Я буду старацца рабіць тэатр, скіраваны да ўсіх. Праўдападобна не будзе так, як было ў апошнія чатыры гады, калі гэты кірунак быў даволі інтэнсіўны. Гэта выклікана прыцягненнем шырэйшай колькасці гледачоў у тэатр. Але я не выключаю пастаноўку спектакляў пра жыхароў Падляшша.

РР: Што гэта павінна быць? Такая тэма, якая спадабаецца тэатру? Які ўвогуле падыход да выбару тэмы?

Пётр Палторак: Калі ідзе пра беларускую меншасць, то мы будзем наладжваць супрацоўніцтва з тэатрамі Беларусі. Мне здаецца, што спектаклі скіраваныя на беларускую меншасць таксама будуць у гэтым тэатры. Мы працягваем перамовы з менскім драматычным тэатрам. Думаю, што яны прыедуць сюды, гэта прапанова таксама будзе скіраваная на беларускую меншасць.

РР: Пакінем беларускую меншасць, паразмаўляем пра мясцовую тэматыку. Варта памятаць, што Беласток знаходзіцца на памежжы.

Пётр Палторак: Як вы напэўна ведаеце з маіх каментароў у СМІ, я хутчэй буду арыентавацца на класіку. Канешне, гэта не будзе толькі класіка, таксама будуць казкі “Баладына”, “Беласнежка і сем гномаў”. Таксама мне здаецца, што Славацкія тэмы могуць быць цікавымі розным групам, а не толькі палякам, але і беларускай меншасці, магчыма літоўскай.

РР: Ці правільна я разумею, што, напрыклад, “Сонька”, “Бежанцы”, спектаклі якія ўжо зніклі з рэпертуару, не будуць больш паказвацца?

Пётр Палторак: Так, зараз яны паказвацца не будуць. Не хаваю, што я не маю рэпертуару, які будзе прыцягваць розныя групы гледачоў. Я не хаваю, што хачу стварыць такі тэатр, каб было нешта для дзяцей, для моладзі і для дарослых. Мы павінна найперш выхаваць гледача, каб пазней хтосьці старэйшы мог прыйсці, будзе гэта нашмат прасцей. Калі б было скіравана толькі на старэйшых ці студэнтаў, то тады я не буду ў стане дасягнуць таго, чаго хачу.

РР: Вы будзеце далей супрацоўнічаць з тэатрамі беларускай драматургіі, якія тут былі? Можа ўжо ёсць нейкія планы, ідэі?

Пётр Палторак: Мы на сувязі, думаю, што ў бліжэйшыя паўгады ў Беласток прыедзе тэатр з Менска. Праўдападобна Беласток таксама паедзе туды.

РР: У тэатры ў Беластоку выступалі беларускія акторы Алесь Маўчанаў і Святлана Анікей. Цяпер яны непатрэбныя?

Пётр Палторак: На цяперашні момант не, бо рэпертуар трохі змяняецца.

РР: Рэпертуар зменіцца на класіку?

Пётр Палторак: Першая пастаноўка “Баладына”, “Беласнежка і сем гномаў”, таму наступнымі, напэўна, будуць камедыі.

РР: Ёсць нейкі кантакт з гледачамі? Адкуль вы ведаеце чаго хоча беластоцкі глядач?

Пётр Палторак: Нядаўна да мяне дайшла анкета, у якой было даволі шмат інфармацыі з боку гледачоў. Яны проста пісалі, чаго чакаюць ад тэатра. Я абапіраюся на пажаданні, а таксама на свой досвед. Працую тут 19 гадоў і бачу, як гэта ўсё змянялася. Быў тэтр, які быў шырока скіравана на гледача, пра што казаў раней, на розныя ўзроставыя групы. У пэўны момант гэта было вельмі моцна звужана, з чаго вынікла змяншэнне колькасці наведнікаў тэатра, якая вельмі моцна ўпала. Не хаваю, што мне хачацца, каб дзеці і дарослыя асобы, жанчыны, мужчыны хацелі карыстацца прапановамі, якія мы прадстаўляем.

Надалей застаецца ў прыярытэце супрацоўніцтва з беларускімі тэатральнымі пляцоўкамі  – напрыклад, з Тэатрам беларускай драматургіі, які ўжо выступаў на беластоцкай сцене, а таксама ў планах – кантакты з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя