Рада Бельскага павету асудзіла гвалт і катаванні ў Беларусі



“Асуджаем гвалт і катаванні ў дачыненні да грамадзянаў Беларусі, якія адстойваюць дэмакратычныя каштоўнасці”  – сёння Рада Бельскага павету аднагалосна прыняла заяву, якая тычыцца паслявыбарчых  пратэстаў  у Беларусі. Усе 17 радных  Бельскага павету падтрымалі імкненне беларускага народа да свабоды, – кажа віцэ-стараста Бельскага павету Пятро Божко:

– Гэта ініцыятыва радных Бельскага павету. Хацелі сказаць, што ўлады краіны абавязаны арганізаваць свабодныя, дэмакратычныя выбары. А калі так не было ў Беларусі, то беларусы маюць права на маніфестацыі. Мы падтрымліваем тых, якія выйшлі на вуліцы і гавораць, што хочуць жыць у дэмакратычнай дзяржаве. Бо свабода – гэта найважнейшае.

Бельскі віцэ-стараста адзначыў, што мясцовае самакіраванне адкрытае да супрацоўніцтва,  аднак дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека павінны быць базай для супрацоўніцтва. Чакаецца, што ўжо 29 верасня на сесіі рады горада Бельск-Падляшскі будзе таксама прынятая заява па падзеях ў Беларусі.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя