Радныя Гайнаўкі асудзілі марш выклятых жаўнераў



“Буры не ёсць нашым героем і ніколі ім не будзе, тое што нехта ставіць яго за ўзор – разглядаем як правакацыю ў дачыненні да жыхароў Гайнаўкі і ніколі гэтага не адобрым,”  – пішуць ў прынятай 21 лютага заяве радныя Гайнаўкі ад Грамадзянскай кааліцыі і Паразумення рэгіёну Белавежскай пушчы. 

На адмысловай сесіі горада за 2 дні перад 5-ым маршам у памяць выклятых жаўнераў радныя Гайнаўкі асудзілі гэтае мерапрыемства. Гавораць радныя Ядвіга Дамброўска, Гэлена Куклік і Ян Хомчук.

– Наша пазіцыя не супраць свята, не супраць тых жаўнераў, якія змагаліся за вольную і свабодную Польшчу. Гэта пазіцыя супраць гэтага маршу, на якім глорыфікуецца асоба капітана Рамуальда Райса (Бурага).

– Права дазваляе гэты марш правесці. Мы вымушаны прымаць гэтую сітуацыю.

-Мы не хочам гэтае адзначаць. Мы хочам адзначаць памяць тых людзей (якіх забілі – рэд). Не хочам браць удзел у тым маршы.

Усе радныя ад „Права і Справядлівасці” ў Гайнаўцы праігнаравалі гэтую сесію рады горада.

Выступіла на сесіі арганізатар 5-га маршу Барбара Полешук:

– Праз многія гады іх постаці выкрэсліваліся з польскай гісторыі. Распавядалі хлусню адносна іх дзейнасці. Гэта асабліва бачна ў нашым рэгіёне. Дзе не шанавалася добрае імя Інкі, маёра Лупашкі, капітана Бурага. Мы ніколі не будзем з гэтым пагаджацца. Выказваем таксама пратэст супраць называння нас “правымі экстрэмістамі” і непрымання легальнай акцыі, якой з’яўляецца гайнаўскі марш памяці выклятых жаўнераў, што аб’ядноўвае ўсіх тых, хто хоча ўшанаваць памяць жаўнераў падпольнага супраціву.

Марш выклятых жаўнераў 23 лютага ўжо пяты раз пройдзе праз Гайнаўку. Заяву з пратэстам супраць маршу, у якім глорыфікуюць капітана Рамуальда Райса (псеўданім Буры) радныя накіруюць прэзідэнту Польшчы, маршалкам Сейма і Сената, а таксама заступніку грамадзянскіх правоў і уладам Падляшскага ваяводства.

[Not a valid template]

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя