Радыё Wnet у Беластоку: жывыя эфіры і госці



Калегі з радыё Wnet у Беластоку: жывыя эфіры і госці. Тут распачаўся журналісцкі тур польскай радыёстанцыі, на якой выходзяць і беларускія перадачы, што створаныя пасля падзеў 20-га года.

Як расказаў у нашым эфіры кіраўнік радыё Wnet ды старшыня Польскага саюза журналістаў – Кшыштаф Скаўроньскі, такія акцыі дапамагаюць падвысіць якасць журналісцкай працы:

– Прыезд з Варшавы ў Беласток адкрывае іншы погляд на праблемы. Прынамсі, на праблему памежжа. У Варшаве гэта тэарэтычная, а тут – гэта вельмі практычная праблема. Тут людзі штодзень з гэтым жывуць, ведаюць, што ёсць небяспека.  Беласток знаходзіцца за 40 км ад граніцы.

Амаль год на Wnet-радыё выходзяць беларускія перадачы: «Світанак свабоды» з кіеўскай студыі і «Ноч свабоды!» – з варшаўскай. Як кажа Кшыштаф Скаўроньскі – тады стварэнне беларускіх праграм выглядала вельмі лагічным. Патрабавалася больш аб’ектыўнай інфармацыі, а рэпрэсаваным журналістам трэба было дапамагаць:

– Адчуваем такую місію, бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня” блізкія нашаму сэрцу. Верым у тое, хоць што раз складаней у гэта паверыць, што беларусы самі за сябе будуць вырашаць. Такая надзея ёсць.

Як старшыня Польскага саюза журналістаў – Кшыштаф Скаўроньскі таксама выступаў ініцыятарам розных акцый салідарнасці з рэпрэсаванымі беларускімі журналістамі.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Fot. Marek Podmokły / Agencja Gazeta