Расейская школа ў Цюрыху прапануе вывучаць беларускую мову



Ужо ў гэтым навучальным годзе ў Швейцарыі пачынаюцца заняткі па беларускай мове і літаратуры для дзяцей і дарослых. Беларускамоўны клас у Цюрыху ствараюць мясцовыя беларусы.

Як распавяла Караліна Маер, якая будзе весці гэтыя заняткі, ужо ёсць першыя ахвотныя. Калі знойдзецца адпаведная колькасць ахвотных вучыцца, то беларускамоўны клас пачне працаваць цягам бліжэйшых месяцаў:

– Ёсць такія яшчэ арганізацыйныя пытанні, калі будзе дакладная колькасць вучняў у нас, тады мы ўжо канешне будзем адкрываць у верасні, калі іх будзе дастатковая колькасць, а калі не, то тады пазней. Мы будзем адкрываць яго з мінімальнай колькасцю вучняў, то бок тры вучні, мы рады яго адкрыць.

З прапановай адкрыць беларускі аддзел выступіла расейская школа, якая знаходзіцца ў Цюрыху. У ёй навучаецца больш за тры сотні дзяцей. Кіраўніцтва школы прапанавала беларускай грамадзе бясплатна займацца ў іх будынку.

Каб знайсці яшчэ больш ахвотных і зацікавіць не толькі беларусаў навукай беларускай мовы і літаратуры ўжо з наступнага тыдня пачынаецца адмысловая рэкламная кампанія.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя