Расейскія вайскоўцы адпраўляюць скрадзенае ва Украіне праз Мазыр



Блогер Антон Матолька, якога беларускі КДБ унёс у спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарызму, апублікаваў відэа з камеры назірання аддзялення расейскай службы экспрэс-дастаўкі «СДЭК» у беларускім Мазыры. На кадрах бачна, як расейскія вайскоўцы пакуюць і адпраўляюць баулы і скрыні з таварамі.

Відэа працягласцю 3 гадзіны 18 хвілін знята з 11:30 да 15:00 2 красавіка 2022 года. Анлайн-камера размяшчалася ў аддзяленні «СДЭК» па адрасе вул. Куйбышава, 32. Цяпер камера адключаная.

Судзячы па шаўронах, у кадр патрапілі вайскоўцы 56-го гвардзейскага дэсантна-штурмавага палка ВС РФ, які дыслакуецца ў Феадосіі.

На відэа можна разглядзець электрасамакат без упакоўкі, відэакарту без упакоўкі, алкаголь з акцызнымі маркамі і цэннікам, моцна пашкоджаныя каробкі з кандыцыянерамі AKAI, цяжкія драўляныя скрыні з чымсьці ўнутры. Верагодна, размова ідзе аб марадзёрстве на тэрыторыі Украіны.

Некалькі дзён таму расейскія ўлады аб’явілі аб адводзе войскаў на Кіеўскім і Чарнігаўскім напрамках. Расейскія падраздзяленні выходзяць на тэрыторыю Беларусі. Іх масавае перамяшчэнне па тэрыторыі Беларусі па накіраванні ад мяжы з Украінай фіксуюць відавочцы.

Reform.by