Расея мае намер перадаць сепаратыстам новае ўзбраенне



467943Вашынгтон мае доказы, што Расея абстрэльвае ўкраінскія войскі ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі з артылерыйскай зброі са сваёй тэрыторыі. Пра гэта заявіла прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамента Мары Гарф.

Акрамя таго, сказала яна, ЗША мае таксама доказы, што Расея хоча перадаць баевікам ва Украіне магутныя рэактыўныя сістэмы залпавага агню.

Паводле яе слоў, гэтыя звесткі атрыманы на падставе інфармацыі выведкі, але крыніцы і метады атрымання гэтых дадзеных яна не можа абмяркоўваць.

У апошні час паведамляюць пра ўсё новыя сведчанні прамога ўдзелу Узброеных сіл Расеі ва ўдарах па пазіцыях ўкраінскіх войскаў у пагранічных мясцовасцях. Таксама штодня працягваюцца прарывы праз мяжу з Расеі ўсё новых калон з баявой тэхнікай і боепрыпасамі для сепаратыстаў.

Расея сцвярджае, што ніяк не датычна да падзеяў ва Украіне.

Тым часам ва Украіне пачалі крымінальную справу на міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу за арганізацыю перакідвання ва Украіну зброі ды наёмнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота by24.org