Расейскія мытнікі затрымалі 700 тыс. пачкаў цыгарэт з Беларусі



Менск, 12 ліпеня. Прыблізна 700 тыс. пачкаў цыгарэт з Беларусі затрымалі расейскія мытнікі ў межах працы мабільных груп у Краснінскім раёне Смаленскай вобласці. Тытунёвую прадукцыю без спецыяльных расейскіх акцызных марак перавозілі ў грузавіку пад выглядам аўсянага печыва, паведаміла Федэральная мытная служба РФ. Адпраўнікам тавару значылася фірма, зарэгістраваная ў Менску, атрымальнікам — смаленская фірма, месцам разгрузкі — Масква. Падчас агляду было ўстаноўлена, што ў грузавым адсеку аўтамабіля знаходзяцца скрынкі з тытунёвай прадукцыяй без расейскіх акцызных марак, дакументы на транспартаванне цыгарэт кіроўца не падаў. Аўтамабіль з грузам затрымалі і змясцілі на склад для надгляду. Акрамя таго, мытнікі выявілі, што транспартны сродак рухаўся з падробленым дзяржаўным рэгістрацыйным знакам на цягачы. Выкліканыя мытнікамі супрацоўнікі ДІБДР склалі ў дачыненні да кіроўцы пратакол.

Белапан