Разам з 2016 годам заканчваецца набор у польскія гімназіі



З новага навучальнага года ўлады Польшчы ліквідуюць гімназіі і вяртаюць старую сістэму адукацыі. Згодна з планамі Міністэрства вяртаецца васьмігадовая пачатковая і чатырохгадовая сярэдняя школы. Што рэформа абазначае для вучняў і як гэтую сітуацыю ўспрымаюць настаўнікі беларускай мовы з Падляшша, адказваюць самыя зацікаўленыя:

— Я не ведаю, ці гэта добра, бо я была ў гімназіі і мне там было добра.

 — Я не ведаю, ці буду гатовая да ліцэя, а яны будуць яшчэ на год даўжэйшыя. Мы вучымся тут, у Орлі, а потым прыйдзецца ездзіць. Я не ўяўляю, як яны дадуць рады.

Славамір Трэшчотка, дырэктар комплексу школ у Кляшчэлях:

— Калі ў нас комплекс, дык гадзінаў будзе крыху менш, бо было 9 класаў, а застанецца толькі 8. Можа быць так, што у кагосьці з настаўнікаў не будзе гадзін, а можа і працы.

Альжбета Рудкоўская, гімназія №7 у Беластоку:

— Планаў няма, праграм няма, ніхто не ведае, што будзе рабіць, але дакладна ніхто не верыць, што сапраўды ўсе будуць мець працу.

Паводле дадзеных Саюза польскіх настаўнікаў пасля ліквідацыі гімназіяў працу ў 2017 годзе страціць 45 тысяч настаўнікаў. Папярэдняя рэформа адукацыі, якая ўводзіла гімназіі, адбылася ў 1999 годзе.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток