Рэферэндум па пытанні рэгіянальнага лётнішча на Падляшшы праваліўся



Рэферэндум па пытанні будаўніцтва рэгіянальнага аэрапорта на Падялшшы не адбыўся. Пакуль няма афіцыйнай інфармацыі адносна яўкі, але папярэднія вынікі з паветаў сведчаць, што яна не перавысіла патрэбных 30%.

выбары

Паводле словаў чальца ініцыятыўнай групы па правядзенні рэферэндума Паўла Мышкоўскага, яўка ў ваяводстве можа скласці каля 14%. У маштабе ваяводства – гэта вялікая колькасць, лічыць ён:

– Хацеў бы падзякаваць усім, хто прыйшоў на ўчасткі і прагаласаваў. Зіма, слабая інфармацыйная кампанія з боку сейміка, але нягледзячы на гэта 120 тысяч жыхароў прыйшло на ўчасткі.

Найбольшая яўка ў час рэферэндума была ў Беластоку – амаль 24%. У Ломжы вырашыла прагаласаваць толькі 2,5%, а ў Сувалках 6% жыхароў.

Паводле прэзідэнта горада Беластока Тадэвуша Трускаляскага, гэта паказаве, што ніхто апрача жыхараў Беластока не зацікаўлены ў будаўніцтве рэгіянальнага аэрапорта:

– Ваяводства падзялілася. У Беластоку колькасць прагаласаваўшых не перакрочыла 30%, што таксама з’яўляецца паразай. У Ломжы 2,4%, а ў Сувалках трохі больш за 6%. Гэта азначае абсалютнае фіяска арганізатараў.

Будаўніцтва рэгіянальнага аэрапорта магла б каштаваць каля 300 мільёнаў злотых. У 2018 годзе ў Беластоку і Сувалках узнікнуць мясцовыя аэрапорты, якія будуць каштаваць 30 і 15 мільёнаў злотых.

Паводле прэс-службы Маршалкоўскай управы ваяводства, якая праводзіла рэферэндум, афіцыйныя вынікі рэферэндума будуць вядомыя ўжо сёння.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя