Рэканструкцыя ў Брузгах – калі пойдзем праз граніцу пешшу?



Пандэмія каронавіруса пакуль не дазваляе ўсім ахвотным свабодна перасякаць граніцу з Польшчай.

“Вячэрні Гродна” дазнаўся, як выглядаюць справы з рэканструкцыяй пункту пропуску “Брузгі” і калі можна прайсці праз граніцу пешшу. Паводле начальніка Гарадзенскай рэгіянальнай мытні Андрэя Кавальчука, рэканструкцыя пункта пропуску завершаная, створаныя ўсе ўмовы ў тым ліку для пешаходнага руху. На польскім баку ў Кузніцы таксама вялася рэканструкцыя, якую завяршылі вясной.

Па словах прэс-сакратара Падляшскага аддзела Пагранічнай службы Катажыны Здановіч, гэтыя працы не былі звязаныя з рэканструкцыяй канала для пешаходаў. Асобны калідор для пешаходнага руху быў створаны яшчэ ў 2003 годзе і мадэрнізаваны ў 2013.

Каля году пешаходны рух функцыянаваў, аднак пазней беларускі бок яго забараніў, паколькі ў “Брузгах” на той момант не было адпаведнай інфраструктуры. Цяпер жа ўсё для пешаходнага руху гатовае з абодвух бакоў. Застаецца дачакацца адкрыцця граніцы пасля пандэміі каронавіруса.