Роберт Тышкевіч: Бюджэт на дзейнасць нацменшасцяў павінен павялічвацца



«Бюджэт на дзейнасць арганізацый нацыянальных меншасцяў павінен расці разам з паказчыкам інфляцыі ў краіне»,  — кажа дэпутат польскага Сейму Роберт Тышкевіч.

Палітык партыі Грамадзянская платформа лічыць, што Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі дрэнна распараджаецца грашыма на датацыі для нацменшасцяў. Напрыканцы 2016 года міністэрства падзяліла 11 мільёнаў злотых на задачы звязаныя з аховай, захаваннем і развіццём культуры нацменшасцяў у Польшчы. Чарговыя 5 мільёнаў міністэрства  прызначаць на дзейнасць меншасных арганізацыі цягам года, што выклікае сумневы палітыка Грамадзянскай платформы.

— Міністэрства кажа пра тое, што тыя 5 мільёнаў злотых, а гэта 1/3 усёй сумы, прызначанай на нацыянальныя меншасці ў Польшчы, якія не размеркавалі ў першым падзеле, не будуць выдаткоўвацца шляхам кансультацый з арганізацыямі, але самім міністэрствам цягам бюджэтнага года. Коратка кажучы, міністэрства кладзе лапу на 1/3 сродкаў і будзе выдаткоўваць іх як палічыць патрэбным.   

Пры канцы снежня Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі прадставіла вынікі конкурсу на датацыі для меншасных арганізацыі. Многія з тых, хто не атрымаў датацыі падалі хадайніцтвы да міністра, каб яшчэ раз праверыць іх заяўкі. Хадайніцтвы арганізацыі нацыянальных меншасцяў будуць разглядаць 17 лютага.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток