Роберт Тышкевіч: Лічу важным чыгуначнае спалучэнне з Гародняй



Чыгуначнае спалучэнне паміж Гародняй і Кузніцай, Беластокам і нават Варшавай могуць аднавіць ужо ў чэрвені, калі ў Польшчы адбудзецца карэкціроўка раскладу цягнікоў. Усё залежыць ад перамоваў паміж польскім перавозчыкам PKP Intercity і Беларускай чыгункай, якія польскае Міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва называе няпростымі. Справай вяртання чыгуначнага спалучэння Гародні і Беластоку некалькіх месяцаў займаецца таксама дэпутат польскага сейму з Падляшша Роберт Тышкевіч:

– Я склаў у гэтай справе дэпутацкі зварот. Буду свае магчымасці выкарыстоўваць. Лічу, што чыгуначнае спалучэнне Беластока з Гародняй мае вялікае значэнне, у тым ліку і для памежнай супрацы. Таму я прамовіў першае слова ў гэтай справе, а не апошняе.

Цягнікі з Польшчы ў Гародню адмянілі летась у сярэдзіне снежня. Яны накіроўваліся з Элка і Малкіні праз Беласток. Тады рашэнне патлумачылі нерэнтабельнасцю спалучэння. Зараз прапануецца запусціць бесперасадачныя вагоны з Варшавы ў Гародню, якія ў Беластоку прычаплялі б да іншага цягніка, – паведаміў партал Rynek Kolejowy.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]