Rockowisko Hajnówka 2018
Фестываль Rockowisko Hajnowka пройдзе 28 ліпеня. Сярод хэдлайнераў 10-га юбілейнага фэсту – беларускі гурт Re1ikt.
Сёлета разам з Re1ikt на фэсце выступяць вядомыя польскія гурты Cochise, De Łindows, Materia, Farben Lehre ды іншыя. Фестываль Rockowisko праводзіцца ў парку ў цэнтры Гайнаўкі з 2008 г.
Яго арганізуюць дзеячы з мясцовага Музея і асяродку беларускай культуры. Гайнаўскае Rockowisko мае свае адметнасці, кажа шматгадовы вядоўца фестывалю, музычны эксперт Лукаш Стэпанюк:
– Тут ёсць музыка, якую дакладна не пачуем нідзе на радыё, у інтэрнэце таксама не шмат гэтых каманд. Перадусім тут музыка, якая граецца ўжывую, без непатрэбнай электронікі. Так, як напачатку Басовішча – вельмі свабодны фестываль. Тут ніхто нікому нічога не забараняе і не гаворыць, што трэба так, а не інакш.
Хоць, заўважае Лукаш Стэпанюк, у Гайнаўцы не так шмат прыхільнікаў року, затое на канцэрт прыходзяць самыя адданыя слухачы:
– Зараз музыка рок ці панк, якая тут выконваецца, не вельмі папулярная. Варта адзначыць, што людзі, якія прыходзяць, яны ведаюць дзеля чаго прыйшлі. Не прыходзяць асобы, якім не было чым заняцца, якія прыйшлі паглядзець, што адбываецца ў амфітэатры.
Акрамя канцэртнай праграмы на Rockowisko Hajnówka традыцыйна адбываецца музычны конкурс сярод маладых рок-гуртоў. Але сёлета на юбілейным фэсце конкурснай часткі не будзе. Дарэчы, гурт Re1ikt паставіў рэкорд фестывалю па ўзнагародах у конкурснай праграме ў 2013 годзе, атрымаўшы Гран-пры і Прыз глядацкіх сімпатый.
Беларускае Радыё Рацыя
