Руслан Кулевіч: Вайна ва Украіне змяніла нашы планы



Госць Радыё Рацыя – кіраўнік каворкінгу для беларускіх журналістаў МедыяПорт і галоўны рэдактар mostmedia.io Руслан Кулевіч.

РР: Можа пачнём размову з каворкінгу. Працуе ён адносна нядаўна, але, напэўна, першыя вынікі можна ўжо падвесці, і думаю, ёсць чым пахваліцца.

Руслан Кулевіч: Стала мы працуем ужо амаль тры месяцы. Запусціліся мы трохі раней, але пасля афіцыйнага адкрыцця прайшло тры месяцы. За гэты перыяд мы зрабілі некалькі выставаў. Бо ў нас каворкінг падзяляецца на творчую пляцоўку, дзе мы ладзім нейкія імпрэзы, і на пляцоўку, дзе працуюць журналісты. На першай пляцоўцы праходзяць розныя выставы, імпрэзы. На мінулым тыдні мы зладзілі першыя заняткі курсаў «Мова Нанова». Я лічу, што гэта вельмі крута, што ў нас так атрымалася. Да нас звярнулася дыяспара і прапанавала адкрыць курсы. Мы згадзіліся. Наш журналіст, Ігар Палынскі, таксама ўдзельнічае ў арганізацыі «Мовы Нанова», ён вядоўца курсаў. Плануем шмат іншых імпрэзаў. Але вайна ўсё змяніла. У нас быў свой план, і была стратэгія развіцця гэтай пляцоўкі. Але з пачаткам вайны, месяц таму, усё змянілася.

РР: Што канкрэтна змянілася? То бок, планы адмяніліся, ці проста планы памяняліся на іншыя?

Руслан Кулевіч: Ну вось, напрыклад, на 1 красавіка і на гэтыя выходныя, мы планавалі зрабіць першы тату-фэст у Беластоку. Звярнуўся да нас беларускі культурны дзеяч, музыка Алесь Таболіч і прапанаваў зрабіць у Беластоку такі фэст. На нашай пляцоўцы сабраліся б некалькі майстроў і яны расказалі б пра нацыянальныя тату і гэтак далей. Але не атрымалася. Спадзяюся, можа летам, недзе ў чэрвені-жніўні, штосьці падобнае зробім. Таксама ў нас не атрымалася зрабіць выставу пра 76-ы пяхотны полк Людвіка Нарбута, які да вайны быў у Гародні, але з пачаткам Другой сусветнай вайны ён перастаў існаваць. Да нас звярнуўся жыхар Беластоку, наш чытач, і сказаў, што яго дзядуля служыў у Гародні ў гэтым палку. Ён асабіста звярнуўся да мяне і сказаў, вось вы, Руслан, збіраеце гісторыю гэтага палка, у вас шмат здымаў, у мяне таксама ёсць здымкі, таму давайце паспрабуем штосьці такое цікавае зрабіць, расказаць жыхарам Беластока, што быў такі полк, што ён аб’ядноўваў і беларусаў, і палякаў. То бок, гэта гісторыя абодвух народаў, гісторыя двух гарадоў. І ў гэтага хлопца нібыта нават захаваліся рэчы дзеда, які служыў у Гародні.

РР: Але што перашкаджае правесці гэтае мерапрыемства?

Руслан Кулевіч: У першыя дні вайны мы шмат пісалі пра напад Расеі на Украіну. І зараз шмат журналістаў едзе з Украіны, многія ўжо прыехалі. Яны прыязджаюць у Беласток, выбіраюць гэты горад, бо ён танней, чым Варшава…

РР: Я так разумею, гэта беларускія журналісты, якія працавалі ў Кіеве і ў іншых украінскіх гарадах, і цяпер уцякаюць ад вайны?

Руслан Кулевіч: Так. І зараз у каворкінгу трохі хаос. Бо кожны дзень хтосьці прыходзіць. Трэба кожнаму выдаткаваць час, распавесці пра нас, патлумачыць, што можна ў нас працаваць. Ад гэтага трохі такі хаос. Але, я думаю, праз месяц мы наладзім працу. І ўсё будзе добра, і зробім гэтую выставу. Мне таксама хочацца зрабіць выставу са старымі здымкамі Гародні. У мяне іх шмат, і было б цікава.

Яшчэ цакавая рэч, якую мы зрабілі, – гэта медыя-тайп. У нас на вакне каворкінгу такая выстава для палякаў, каб польскія грамадзяне не забывалі, чаму тут зараз беларусы знаходзяцца. Што мы не проста так сюды прыехалі. Што мы не падтрымліваем Лукашэнку, які дапамагае Пуціну нападаць на Украіну. Гэта, можна сказаць, адмысловая „сценгазета”, газета на вакне. Гэта таксама чалавек з дыяспары да нас звярнуўся і сказаў, давайце неяк выкарыстаем ваша вакно. Мы напісалі, што салідарныя з Украінай, салідарныя з Беларуссю, паказваем, якія акцыі ладзіць нашая дыяспара. Паказваем нашую актыўнасць, што беларусы тут падтрымліваюць Украіну. І таксама пішам, колькі ў нас палітвязняў. Бо, на жаль, палякі забываюць, а нам не трэба, каб яны забывалі.

Цалкам размова:

Размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя