Рынат Ахметаў: Данбас бамбіць нельга



Трэба сядаць за стол перамоваў і вырашаць канфлікт мірным шляхам. Такую думку выказаў адзін з самых вядомых украінскіх бізнесоўцаў Рынат Ахметаў у эфіры праграмы „Событія неделі“. Ён падкрэсліў, што нельга руйнаваць гарады, паселішчы, інфраструктуру, а галоўнае – нельга дапусціць, каб гінулі людзі.

Рынат Ахметаў:

– Я за шчаслівы Данбас. А шчаслівы Данбас – гэта перадусім мір над галавой. Мір над галавой – гэта самае галоўнае. Шчаслівы Данбас – гэта тады, калі людзі маюць годную працу, годную зарплату і годнае жыццё. Шчаслівы Данбас – гэта тады, калі нас паважаюць, паважаюць нашую памяць, паважаюць нашае права гаварыць на рускай мове, паважаюць нашыя святы, паважаюць нашыя традыцыі.

Рынат Ахметаў у часы праўлення Віктара Януковіча падтрымліваў „Партыю рэгіёнаў“. Пасля падзей на Майдане выказаў падтрымку новаму кіраўніцтву Украіны. Называе Расею сябрам і стратэгічным партнёрам, але разам з тым лічыць, што Расея павінна праяўляць больш павагі да суверэнітэту Украіны.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pravdorub.kr.ua