Рызыкнуў – і страціў аўтамабіль



Буйную кантрабанду выявілі польскія памежнікі ў беларуса, які спрабаваў увезці ў Польшчу цыгарэтаў на 65 тысяч злотых.

Здарэнне адбылося на памежным пераходзе ў Баброўніках – інфармуе прэс-сакратар Мытнай палаты ў Беластоку Мацей Чарнэцкі:

–   Супрацоўнікі памежнай службы ў Баброўніках праверылі аўтамабіль Daewoo, якім кіраваў 31-гадовы грамадзянін Беларусі. Ён спрабаваў уехаць на тэрыторыю Польшчы праз зялёны калідор, якім едуць тыя, хто не мае нічога для дэкларавання. У час кантролю аказалася, што ўся машына запоўнена тытунёвай кантрабандай. Нелегальны тавар вартасцю больш за 65 тысяч злотых быў схаваны ў падлозе, парогах і сядзеннях аўтамабіля.

У дачыненні да беларускага кантрабандыста пачата крымінальная справа. Мытнікі канфіскавалі нелегальны тавар ды аўтамабіль, прыстасаваны да яго перавозу. Апроч таго, кантрабандысту пагражае буйны штраф.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Мытнай палаты ў Беластоку