“Сабантуй” у Крушынянах



“Татары свету” – пад такой назвай у вёсцы Крушыняны на Падляшшы прайшло XII свята татарскай культуры “Сабантуй”. Гасцей чакалі татарскія прысмакі, конкурсы, канцэрты, а таксама рэканструкцыя Бітвы пад Парканамі 1683 года і дэгустацыя запечаных баранаў. Вітала ўсіх гаспадыня мерапрыемства Джанэта Багдановіч з “Татарскай юрты”:

Вітаем татараў з Крыма! Вітаем татараў з Калінінграда! Вітаем татараў з Літвы! Вітаем татараў з Беларусі! Вітаем татараў з Санкт-Пецярбурга! Вітаем татараў з Чэхіі! Канешне ж, вітаем татараў з Польшчы!

– Столькі гасцей прыехала да нас, да татараў, да нашай татарскай вёскі, дзе мы разам з нашымі суседзямі, таксама з турыстамі.

– Я з Літвы, з Вільні. У Літву татары прыйшлі вельмі даўно, больш за 600 гадоў таму. У розны час яны прыйшлі з Паволжа, з Крыма.

– Мы татарскую локшыну робім. Гэта страва хуткага прыгатавання, якая будзе гатова за паўгадзіны. Яна вельмі смачная. Суп-локшына разам з эчпачмакам і кыстыбыем – гэта любімы ласунак кожнага татарына.

“Сабантуй” прайшоў на тэрыторыі вядомай аграсядзібы “Татарская юрта”, якая згарэла ў траўні. Таму падчас свята адбыўся збор сродкаў на аднаўленне гэтага вядомага турыстычнага месца, у тым ліку праходзілі аўкцыёны.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Крушыняны

Фота аўтаркі