«Сала – гэта моц!» Фэст Сала-2017 у Чарнігаве



Украіна асацыюецца ў беларусаў з гасціннасцю яе жыхароў, а таксама з Рэвалюцыяй годнасці, вайной на Данбасе, самаадданасцю на фронце і невынішчальнай карупцыяй. Але ж ці не галоўная асацыяцыя — сала.

Украінец можа разважаць пра спосабы прыгатавання сала з такім жа імпэтам, як беларус – пра традыцыйныя бульбяныя стравы.

І таму не дзіўна, што ва Украіне арганізавалі адпаведны фэст. З арганізатарамі і наведвальнікамі народнага свята «Сала-2017» паразмаўляў наш карэспандэнт Марцін Война.

Каб закупіцца найлепшым салам на тутэйшым свяце, чарнігаўцы ставалі ў чаргу ажно а сёмай раніцы, і таму да поўдня разабралі амаль усё. Аля ж свята працягваецца. Аляксандр Бондараў, адзін з арганізатараў фэсту, распавядае пра яго мэты.

Аляксандр Бондараў: Гэты фэст – найперш сацыяльны. Першая мэта – дапамагчы нашым дробным і сярэднім фермерам, каб яны прадавалі сваю прадукцыю не праз перакупшчыкаў, а самастойна. Другая мэта – дапамагчы нашый хлопцам, якія цяпер ваююць за незалежнасць на ўкраінска-маскоўскай вайне. Збіраем харчы, тое ж сала… Кожны дае столькі, колькі можа. Машына ідзе на Данбас.

РР: Варта пацікавіцца, у якім выглядзе тут ядуць сала, як ад ахвочых адразу няма адбою.

Спадарыня: Заходняя Украіна таксама паважае сала, але гэта не зусім іх прадукт. Сала – гэта Цэнтральная Україна, а таксама Сівершчына. Што такое для нас сала? Ды ўсё! І боршч у нас з салам, і бульба, і ўвогуле, украінскі традыцыйны стол без сала – гэта не стол. Якое менавіта сала любяць у нас на Сівершчыне? Найперш – свежае, засоленае. Менавіта такое сала вы сустрэніце ў якім заўгодна нашым раёне. А яшчэ – сала з часныком. Яго звычайна мажуць на лусты хлеба, такую страву і на святочны стол не сорамна падаць.

Спадар: Мне сала падабаецца ў якім заўгодна выглядзе. Сырое – яно добра чысціць пячонку. Смажанае – я проста яго люблю. Сала – гэта наш сапраўдны ўкраінскі прадукт, а я – украінец, нашчадак казацкага роду!

Спадарыня: А мне падабаецца салонае сала. Трэба, між іншым, ведаць, што не трэба баяцца дадаваць забагата солі. Сала заўсёды возьме менавіта столькі солі, колькі яму трэба. Таксама заўсёды дадаю перац. Якія ў нас аргументы на карысць сала? Яно карыснае для ўсяго: падвышае імунітэт, падвышае патэнцыю, надае энэргіі. Дый гэта проста выдатная закуска! Ёсць такі ўкраінскі паэт ХІХ стагоддзя, Сцяпан Руданскі, дык ён напісаў: “Я б по шию в салі жив, В сало б одягався, Сало б їв, на салі спав, Салом укривався!”

РР: На фэсце прысутны і а. Яўген Орда – нашчадак славутага роду Ордаў, пратаіерэй Кацярыненскай царквы, папулярнай у сіверскіх беларусаў.

а. Яўген: Тыя ж маскалі называюць украінцаў “салаедамі” каб іх абразіць. Але ж што тут крыўднага? І мы, беларусы, любім сала, і бульбу тако ж… Але ўкраінцы такія, што нават абразу здольныя павярнуць на сваю карысць!

Мяркуецца, што фэст “Сала” стане той разыначкай, якая прыцягне ў Чарнігаў турыстаў. Мясцовыя ўлады разлічваюць у першую чаргу на беларусаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя