Салідарнасць з Борыс і Пачобутам: акцыя ў Беластоку



Салідарнасць з палітвязнямі. Восем месяцаў знаходзяцца за кратамі лідары Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут. Улады вінавацяць іх у нібыта “рэабілітацыі нацызму”, абодва прызнаныя палітвязнямі. Штомесяц у Беластоку праходзяць акцыі салідарнасці з імі, а таксама з усімі прадстаўнікамі польскай меншасці ў Беларусі, якія трапілі пад рэпрэсіі. У чацвер, 25 лістапада, акцыя прайшла каля помніка блаславёнаму ксяндзу Ежы Папялушку. Пра важнасць такіх сустрэч кажуць яе ўдзельнікі:

„Не даем забыць, перагарнуць старонку. Ён зрабіў так, што людзі ў Беларусі не могуць гэтага зрабіць, яны напужаныя. Але мы тут можам, і будзем далей працягваць”.

„Яны грамадзяне нашай краіны, мы павінны іх падтрымліваць. Усіх, хто знаходзіцца ў зняволенні пасля выбараў мінулага году. Наша салідарнасць у тым ліку з палякамі”.

„Пакуль усе палітзняволенныя не будуць вызваленыя з-за кратаў, ніколі не надыйдзе час пераменаў да лепшага”.

Удзельнікі акцыі салідарнасці з Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам трымалі ў руках плакаты, луналі польскія і беларускія нацыянальныя сцягі. З запаленых свечак было выкладзена слова Wolność, а ўсе ахвотныя маглі падпісаць паштоўку для палітычных вязняў. Акцыя напісання такіх паштовак працягнецца цэлы месяц да каталіцкага Раства. Напісаць паштоўку можна ў тым ліку ў сядзібе арганізацыі Wspólnota Polska на вуліцы Кіліньскага, 13 у Беластоку.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя