Што будзе з будынкам былой школы ў Плёсках?



Будынак былой школы ў Плёсках, што ў гміне Бельск Падляшскі патрабуе неадкладнага рамонту.

Школа пабудаваная яшчэ ў 1905 годзе, ператрывала дзве сусветныя вайны, амаль стагоддзе тут здабывалі веды і рыхтаваліся да жыцця сотні ўраджэнцаў вёскі. У 1988 годзе школа была зачынена. У 2016 годзе войт гміны перадала будынак школы бібліятэцы ў Яўгуштове, якая працавала тут каля двух гадоў. Сёння пусты будынак не мае нават шыльды, а ў былую школу можа зайсці кожны хто праб’ецца скрозь высокую траву, гавораць жыхары вёскі:

– Памятаю вучыліся, брат мой вучыўся тут. Усе забралі дзяцей у Храбалы. 

– Віравала жыццё, а цяпер бруд, раскіданыя рэчы і смецце. 

– Нічога не працуе. Шмат гадоў будынак нішчыцца.

 – Дзяды будавалі, хай бы была. Рамонт не могуць зрабіць.

Грамадскія актывісты таварыства „Нашы Плёскі” хочуць аднавіць будынак школы і дастасаваць яго да сённяшніх патрэбаў жыхароў вёскі з дапамогай уладаў гміны. Ідэю аднаўлення школы, якая знаходзіцца побач з царквой, адобрыў і настаяцель айцец Андрэй Неліпінскі.

Беларускае Радыё Рацыя